Улетку 1943 года Кошалеў Мікалай выконваў сур’ёзнае заданне ў складзе разведвальнай групы. Нечакана партызаны трапілі на нямецкую засаду. Каб прыкрыць таварышаў, Мікалай застаўся з кулямётам. Гэта быў яго апошні бой ...
Не ведаючы, што здарылася з мужам, бабуля вырашае ісці ў атрад да камандзіра. Яна згадвае, што было шмат вартавых пастоў, шмат пытанняў, ёй далі суправаджальніка, і ад камандзіра яна пазнае трагічную навіну. А пад сэрцам гэта жанчына ўжо носіць дзіцяці, якое стане для яе патаемнай і самай дарагой часцінкай страчанага каханага чалавека.
Восенню 1943 года пачалося вызваленне Слаўгарадскага раёна. У гэты час нямецкія войскі асабліва лютавалі. Фашысты здзяйснялі зверствы, прыкрываючыся барацьбой супраць партызан. Гэта быў страшны, загадзя распрацаваны і абдуманы план генацыду.
Трагедыя закранула і вёску Лясная. Неяк зябкай кастрычніцкай раніцай да іх у Лясную, пераадолеўшы некалькі кіламетраў, прыбегла босая, у адной сарочцы жанчына са страшнай весткай – у суседняй вёсцы ўжо бясчынствуе карны атрад... Людзі ў спешцы кідалі свае хаты і ўцякалі. Некаторыя жыхары – старыя, жанчыны з дзецьмі – схаваліся ў бліндажах.
Вёска Лясная ўспыхнула агнём... Было спалена 62 хаты, забіта 82 чалавекі. Бліндажы, дзе адчайна спадзяваліся выратавацца людзі, нямецкія салдаты закідалі гранатамі.
Уцалелі толькі тыя, хто паспеў уцячы ў лес да прыходу карнікаў. Уцякла і бабуля. Жахліва аглядаючыся ў родны бок, яна бачыла, як ужо заняліся полымем хаты. Некалькі дзён яна хаваецца ў балоце, часам прыходзілася стаяць у ледзяной вадзе па пояс.
Давялося хаваць тых, каго пакінулі пасля сябе фашысты. Сярод загінулых былі цэлыя сем’і... Раскопваючы заваленыя зямлёй бліндажы, знаходзілі сваіх маці, жонак, дзяцей... У бабулінай памяці застаўся вобраз адной жанчыны, якая схілілася над сваімі двума дзецьмі – яны так і загінулі ў апошнім блізкім абдымку...
Бабуля казала: «Я ведаю, на фронце салдатам было цяжка, але нам, якія жылі ў тыле побач з гэтымі нелюдзямі, было цяжэй, непераадольна псіхалагічна, проста сэрца разрывалася ад таго, што тварылі немцы».
Трэцяга лістапада 1943 года Ева Кузьмінішна нарадзіла сына Мікалая. І зноў схіляецца над ёй смерць: жанчына сур’ёзна захворвае, часам упадае ў непрытомнасць, яе б’е ліхаманка. Няма ні доктара, ні лекаў. І раптам адзін з бежанцаў – сівы таямнічы старац, як з казкі, з кіем і барадой, кажа, што можа дапамагчы. Каб прыгатаваць зелле, патрэбныя травы, малако, яйкі. Малако і яйкі змаглі дастаць з цяжкасцю – абмянялі ў немцаў на сабраныя каштоўнасці. Бабуля ўстае на ногі.
Голад. Позняя восень. Бабуля з нованароджаным дзіцём жыве ў зямлянцы. Цяпер ёй дапамагаюць партызаны. Яна згадвае дэталі: спавівала сына ў салдацкія анучы, дзіцяці даводзілася класці на выцягнутыя ногі, каб расправіць «пялёнкі».
Ёсць яшчэ ўспаміны. Фашысты хадзілі па лесе, палях, шукалі і расстрэльвалі тых, каму ўдалося ўцалець са спаленых вёсак. І бабуля неяк трапіла ў полі на постаць з аўтаматам... Лёс зноў яе пашкадаваў: немец, махнуўшы аўтаматам убок, паказаў «адыдзі».
Сіламі партызан і войск Чырвонай Арміі 24 лістапада 1943 года вёска Лясная была вызвалена. Адзін за адным вызваляліся пасёлкі, гарады, раёны, вобласці. Да нас ішла Перамога. Але якім коштам?
Так склалася, што лёс пакінуў бабулі жыццё, але забіраў у яе самых дарагіх людзей. У 1976 годзе, ужо ў мірны час, але трагічна загінуў сын Мікалай, якога Ева Кузьмінішна клапатліва пранесла на руках праз вайну.
Дзякуючы пошукавай рабоце навучэнцаў была дапоўнена памятная дошка мемарыяла ў В. Лудчыцы Быхаўскага раёна. Было нанесена імя Мікалая Кошалева, партызана, сваяка выкладчыка каледжа. Запіс быў зроблены дзякуючы прадастаўленым намі дакументах у Быхаўскі раённы выканаўчы камітэт.