Мой дзядуля Путнін Мікалай Андрэевіч нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Пашкава Магілёўскага раёна. Да пачатку вайны дзядуля скончыў дзесяцігодку і тэхнікум кінамеханікаў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Мікалай Андрэевіч ідзе на фронт. У чэрвені – ліпені 1941 года ён у складзе народнага апалчэння прымаў удзел у гераічнай абароне Магілёва. У адпаведнасці с загадам камандзіра абароны горада Магілёва генерала Раманава ўдзельнічаў у прарыве акружэння ў напрамку да горада Мінска.
Да вызвалення Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мой дзед ваяваў у складзе аднаго з партызанскіх атрадаў, якія ўваходзяць у брыгаду Асмана Касаева. У адным з баёў мой дзед быў цяжка паранены ў лёгкае. Аперацыя была складанай, і бацькам Мікалая Андрэевіча знаёмыя партызаны паведамілі, што іх сын загінуў. Але дзед вытрымаў, устаў на ногі. Нягледзячы на тое, што страціў палову лёгкага, працягнуў ваяваць. У 1944 годзе Мікалай Андрэевіч уступіў у склад аднаго з беларускіх франтоў. Ваяваў у складзе 206 запаснога стралковага палка. З баямі прайшоў Еўропу, Перамогу сустрэў у Познані (Польшча).
Мой дзед быў неаднаразова ўзнагароджаны, меў і баявыя ўзнагароды. На жаль, не ўсё захавалася.
Пасля вайны працаваў адміністратарам у кінатэатры “Чырвоная Зорка”.
Мая сям’я ганарыцца Мікалаем Андрэевічам. Вось ужо 13 гадоў, як яго не стала. А мы ўсёй сям’ёй кожнае 9 Мая прыязджаем на Паўночна-ўсходнія могілкі ў Магілёве, каб ускласці на магілу Мікалая Андрэевіча кветкі і ўшанаваць памяць нашага героя.