ПРОСТЫ САЛДАТ МІНУЛАЙ ВАЙНЫ

   Перада мной на стале ляжаць медалі, пажоўклыя фотаздымкі, ваенны білет на імя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Андрэевіча Смоліча. Мой дзед быў простым салдатам той страшнай вайны… Душу чамусьці ахутаў смутак: няма больш дзядулі, засталіся толькі фотаздымкі і ўзнагароды, а яшчэ памяць, якая вярэдзіць душу. І зараз разумею, як мне яго не хапае. Як хочацца сесці, як і раней, побач з дзядулем і паслухаць яго ўспаміны пра гады маладосці, хочацца, каб ен яшчэ неаднойчы апрануў свой парадны пінжак з медалямі. Гэтага не будзе… На жаль, ветэраны адыходзяць у нябыт. Нам толькі застаецца свята шанаваць памяць пра іх.
    Узгадваю сваю размову з дзядулем:
    – Дзядуля, раскажы пра вайну.
    – Дык што пра яе расказваць… страшней вайны няма нічога, яна самая бязлітасная. Нічога не шкадуе...
    Памаўчаўшы, ён пачаў гаворку. Відаць, цяжка былому салдату на душы, усплываюць у памяці нялёгкія гады вайны. У яго
вачах я ўбачыла не толькі горыч нявысушаных слёз, але і гонар, сілу і радасць Перамогі.
    – Мне было 15 гадоў, калі пачалася вайна, якую і сёння я памятаю. Ніхто не чакаў такой бяды, якая накрыла ўсю краіну, прынесла столькі гора ў кожную хату. У сярэдзіне дня 22 чэрвеня 1941 года жыхароў вёскі Еськавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці сабралі ля будынка сельсавета, дзе аб’явілі, што на нашу Радзіму напала фашысцкая Германія. На гады майго юнацтва выпала гэтае ваеннае ліхалецце, дзе было ўсё – голад і холад, разруха і страх. Тыя часы, калі немец панаваў у вёсцы, успамінаюцца цяжка. Кладучыся спаць, ніколі не ведаў, – ці сустрэнеш новы дзень, ці застануцца жывымі родныя, ці не павісне над вёскай роспачны плач удавы, якая атрымала з фронту пахаванку.
   Калі ў ліпені 1944 года прыйшло вызваленне, мне споўнілася 18 гадоў. І неўзабаве мяне адпраўляюць на фронт.
    – Ці было страшна, дзядуля?
    – Канечне, баі былі жорсткія. У лютым 45-га наша брыгада дайшла да ракі Одэр. Кожны дзень зямля дрыжала ад выбухаў
снарадаў, ад перастрэлкі з ворагам. Вялікія маразы, ад якіх гінулі людзі, адчувалі не толькі мы, салдаты, але і мірнае насельніцтва. Даводзілася нават дапамагаць ім вопраткай і ежай.
    Узгадваў мой дзед, як яму давялося ў сярэдзіне сакавіка, пры штурме горада Арнэвальдэ, падносіць міны і пад агнём праціўніка мініраваць вуліцу, каб не дапусціць танкі праціўніка, якія так і імкнуліся трапіць на нашы перадавыя пазіцыі, майстравалі збудаванні, каб праз возера Рупінер на плытах пераправіць два ўзводы пяхоты.
    Перамогу дзядуля сустракаў са сваімі баявымі сябрамі ў маі на рацэ Эльбе. Ніколі ён не забываў шчымлівую радасць таго светлага дня, узнёсласць маладых юнакоў, якія прайшлі гэты нялёгкі ваенны шлях і неаднойчы глядзелі смерці ў вочы…

Фотоматериал сайта "Память народа" (https://pamyat-naroda.ru)

    Дома яго сустракалі родныя і землякі. Не было калі адпачываць, патрэбна было брацца за справу, аднаўляць гаспадарку, якой так не хапала добрых мужыцкіх рук. Заняўся Міхась сталярнай справай, як і яго бацька. Пачаў вырабляць драўляныя аконныя рамы. Пасляваенная вёска адбудоўвалася, і ў новыя хаты вяскоўцы ўсё часцей ўстаўлялі вокны, змайстраваныя рукамі майго дзядулі. Крыху пазней уладкаваўся працаваць гарбаром у арцель па апрацоўцы і вырабе скур. Неяк давялося яму пабываць у Жыдовічах (цяпер Красынічы) на танцах, дзе ён сустрэў дзяўчыну-прыгажуню Марусю. Пакахаў аднойчы і назаўсёды.
    З любай жонкай прайшлі доўгае сямейнае жыццё, якое прыносіла не толькі бязмежнае шчасце, але і выпрабаванні. Нягледзячы на гэта, у сям’і панавала каханне і павага, радасць нараджэння дзяцей, двух сыночкаў Генадзя і Янкі.
    Быў дзед Міхась добрым прыкладам для сваіх дзяцей. Усё гарэла ў яго руках, умеў правільна весці гаспадарку, а яшчэ захапляўся пчалярствам. Вось такім запомніўся мне дзед: просты салдат мінулай вайны, які не толькі ваяваў, але і ў мірны час застаўся добрым і паважаным чалавекам.
    Абавязкова, калі падрастуць мае сыночкі, я раскажу ім пра свайго дзеда. Яны павінны ведаць, што жыў такі чалавек, іх прадзед Міхась, дзякуючы якому над намі мірнае неба, шчаслівае дзяцінства яго нашчадкаў і ёсць будучыня, у якой павінна жыць памяць…


Бруй Ирина, учащаяся колледжа